ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

ферамагнітныя сплавы з моцнай залежнасцю магнітнай індукцыі ад т-ры; від магнітамяккіх матэрыялаў. Гэта ўласцівасць выяўляецца паблізу Кюры пункта сплаваў, дзе цеплавы рух часціц рэчыва дэзарыентуе іх магн. моманты. Адрозніваюць 3 асн. групы Т.м.: медна-нікелевыя, жалеза-нікелевыя і найб. пашыраныя жалеза-нікелевыя, легіраваныя хромам, алюмініем ці марганцам, дыяпазон рабочых т-р якіх ад -60 да 170 °C. На аснове апошніх створаны шматслойныя Т.м. з лепшымі магн. характарыстыкамі. Т.м. выкарыстоўваюць як тэрмакампенсатары і тэрмарэгулятары магн. патоку ў вымяральных прыладах.

т. 16, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)